Следите за нами в социальных сетях:

Тры вокі Крэўскага замка

Калі вам сумна і вы не ведаеце, куды рушыць на выходных, у «Ваву» на шопінг ці ў Вільню ў Акропаліс, кідайце дурное. Хапайце фотаапарат, бярыце сваю дзяўчыну і ламіцеся ў Крэва.

Ужо ўзімку чакаецца з’яўленне канцэпцыі рэстаўрацыі гэтай святыні ў межах праграмы Мінкульта «Замкі Беларусі». А таму тут вельмі хутка ўсё зменіцца. Зразумела, гм, у лепшы бок. Гэтых рамантычных руінаў, рэшткаў Княскай вежы, падобных да велізарнага парушанага карыесам зуба, танюткіх сценак, якія ўжо абвальваюцца (адзін з фрагментаў абрынуўся сёлета), можа не застацца.

А таму спяшайцеся, кажу, сфатаграфавацца.

А каб вам было не сумна хадзіць вакол муроў, бо ўсярэдзіну ўсё роўна не пусцяць, бо там ідзе кансервацыя сутарэнняў Княскай вежы, я вам набаю некалькі цікавых гісторый аб гэтых камянях.

Тры метры пад замкам

У замку нас сустрэў Алег Дзярновіч. Дзярновіч — трэці па значнасці для гэтага архітэктурнага помніка чалавек пасля Гедыміна, які яго пабудаваў, і Ягайлы, які ў замку задушыў свайго дзядзьку Кейстута. Дзярновіч нікога, відавочна, не душыў, але з’яўляецца адным з трох слупоў беларускай археалогіі.

Ён нешматслоўны і пакідае прыкладна такое ж адчуванне, як барон фон Унгерн у кнізе Л. Юзэфовіча «Белы бог вайны». Мы праходзім па драўляным насціле ў вежу і апынаемся на ўскрайку дзвюх вялізных ямаў.

Трэба сказаць, што я па гэтай вежы лазіў яшчэ тады, калі быў не чалавекам, які рэкамендуе браць дзяўчыну і ехаць у Крэва, а юнаком, якому старэйшыя таварышы рэкамендавалі браць дзяўчыну і ехаць у Крэва, бо там «рамантычна, як на малюнках Напалеона Орды». І каб я тады мог здагадацца, што пад слоем, па якім мы хадзілі, яшчэ тры метры той вежы, я б, мабыць, узяў дзяўчыну і паехаў з ёй у Мінск, у кафэ «Пінгвін», баючыся праваліцца пад зямлю і зламаць шыю.

А зараз сур’ёзна.

Крэўскую галоўную вежу капалі шмат разоў, у тым ліку капаў і другі слуп беларускай археалогіі Ігар Чарняўскі ў 1990-я. Але ніколі яшчэ раскоп не ішоў так глыбока, як цяпер. Яма, якая месціцца справа ад уваходу, дайшла да першага ўзроўню вежы, да яе «падлогі». Тут знайшліся арбалетныя «балты» (кожны, хто гуляў у гульню Heretic на кампутары, ведае, што гэта такое) і сляды старажытнага пажару, які хутчэй за ўсё адбыўся, калі на замак напаў родны брат Ягайлы Свідрыгайла.

«Гэта трэба правяраць», — удакладняе Дзярновіч. Наконт таго, якой была падлога Крэўскага замка, таксама ёсць разыходжанні: адны кажуць, з дрэва, другія не пагаджаюцца.

Виктор Мартинович в Крево

Дзе задушылі Кейстута?

Правы ад уваходу раскоп дайшоў да сутарэнняў Княскай вежы. На розных сайтах ужо напісалі, што «археолагі знайшлі склеп, у якім Ягайла задушыў Кейстута». «Гэта трэба правяраць», — стаіць на сваім Дзярновіч. Абсалютна дакладна, што навукоўцы выйшлі на ўзровень, дзе знаходзілася вязніца, у якой пакутаваў «палітзняволены» Кейстут, арыштаваны ўласным пляменнікам. Гэткае Акрэсціна XIV стагоддзя. Але дакладна «Кейстутаў пакой», як і месца яго пагібелі, вызначыць хутчэй за ўсё не атрымаецца, бо прастора першага яруса разбітая перагародкамі, «пакояў» тут шмат.

Ад мора да мора пачалося тут

У левай ад уваходу яміне знайшлі вялікі слуп, які да таго ж мае ў сячэнні форму не прастакутніка, а вельмі складаны профіль. Зноў жа, на розных сайтах, у тым ліку, як той кажа, «прылічных», напісалі, што з гэтага слупа пачалася пабудова вежы, што ўжо само па сабе дзіўна: як пабудова вежы можа пачацца са слупа? Дык вось, слуп той аказаўся апорай, на якой сыходзіліся шматлікія скляпенні вежы. Не разумееце, як так можа быць? А вы ўявіце сабе гатычны храм. Уявілі? Уявіце месца, дзе сыходзяцца ўсе аркады столі. Уявілі? Дык вось, такі слуп і знайшлі археолагі ў Крэве.

Калі першы ўзровень быў хутчэй за ўсё нежылым, прыдатным для ўтрымання розных рэчаў і палітычна небяспечных дзядзькаў, дык на другім узроўні Княскай вежы, мабыць, жылі. Аб тым, што вежа была створаная не толькі для абароны, а і для жыцця, прычым даволі раскошнага, вядома стала тады, калі гісторыкі знайшлі першыя парэшткі «гаршковай кафлі». Беларуская кафля, акрамя таго, што выглядала прыгожа, была добрым цеплавым акумулятарам. Без аздаблення пакояў кафляй і гаворкі не магло быць пра тое, каб у такіх іх начаваць. Бо складзеныя з буйных камянёў сцены — вельмі паганы што да ўтульнасці матэрыял. А кафля назапашвала цяпло ад печы ці коміна і павольна аддавала яго ўначы.

І тут мы падыходзім да галоўнага. Як кажа маднявая цяпер сярод беларускамоўных кабетак прыказка, «Я дзяўчына! Я не хачу нічога вырашаць! Я хачу ад мора да мора!» Дык вось, «ад мора да мора» ВКЛ зрабілася менавіта пасля Крэўскай уніі, пасля аб’яднання з Польшчай і атрымання Ягайлам польскай кароны. І выглядае на тое, што гэты гістарычны дакумент быў падпісаны менавіта тут, у Княскай вежы. На другім паверсе, дзе цяпер можа пастаяць любы небарака, здольны дамовіцца з археолагамі і гісторыкамі аб праходцы за аварыйныя муры.

раскопки в кревском замке

 

 

 

 

Ці ламала Ягайлу хвост у Крэўскім замку?

І трохі рамантыкі, каб вашая дзяўчына не заснула.

Крэўская унія была не толькі палітычным, але і дынастычным саюзам. Згодна з дамовай, Ягайла атрымліваў руку прыўкраснай Ядвігі, наследніцы польскай Кароны. Якая, да таго ж, была на той момант заручана з аўстрыйскім герцагам, прыгожым Вільгельмам.

Вільгельму, каб не плакаў, Ягайла адкаціў 200 тысяч. А вось маладая Ядвіга, кажуць, была ў роспачы. Бо той літоўскі Ягайла, паводле яе ўяўлення, быў «варвар характарам і пачвара целам». Яна сур’ёзна падазравала, што ўладальнік Крэўскага замка мае поўсць і хвост. І перад тым як ажаніцца, Ядвіга папрасіла слуг прыняць баню з Ягайлам, каб спраўдзіць наконт хваста. Бо да такіх рэчаў лепей быць падрыхтаваным, каб не заенчыць ад жудасці ў ложку. Слугі з Ягайлам прапарыліся і засведчылі: «воблікам князь прыгожы, трымаецца каралём».

«Гэта трэба правяраць», — сказаў бы Алег Дзярновіч. І меў бы рацыю. Але на тое яна і рамантыка, каб пакінуць прастору для глупстваў.

раскопки в кревском замке

Інтэр’ерны дызайн XIV стагоддзя

Шмат хто напісаў, што падчас раскопак у вежы знайшлі фрагменты фрэсак. Гэта не зусім так, бо фрагменты, знойдзеныя гісторыкамі, фрэскамі не з’яўляюцца. Фрэска — гэта калі выява робіцца па свежай тынкоўцы адразу пасля забудовы памяшкання. Крэўскія роспісы былі «сухапісам»: фарбы накладаліся па высахлай тынкоўцы. Фрэскі могуць быць толькі аднаго перыяду: часу ўзвядзення будынка (на тое яны і фрэскі). Сухапіс можа быць розных часоў, і выпадак Крэўскага замка якраз такі. Тут нават вылучаюць тры перыяды накладання фарбаў, апошні — ў XVII стагоддзі.

Пакуль адмыслоўцы схіляюцца да думкі, што легендарныя інтэр’еры Княскай вежы, пакоі, у якіх падпісвалася унія і вырашаўся лёс прыўкраснай Ядвігі, выглядалі як класічная готыка: брукаваныя, неатынкаваныя сцены. Атынкоўка скляпенняў, аркадаў, вокнаў. І вось па гэтай атынкоўцы — роспіс. Пераважна геаметрычныя ўзоры (добра бачна на фота), але ёсць і адна цікавая дэталь.

Адзін з апокрыфаў, якімі аточаны сёлетні раскоп, кажа, што спачатку археолагі знайшлі выяву вока, што само па сабе цуд і сенсацыя, бо антрапаморфныя роспісы не былі распаўсюджаныя ў свецкіх будынках Сярэднявечча. Выява чалавека ў жылым пакоі была заганай ажно да Рэнесансу, калі за «нецаркоўным» мастаком прызналі права, якое раней меў толькі Бог і іканапісец: ствараць вобраз чалавека.

А тут — вока. Чалавечае вока. Вока — наогул сімвал, які вельмі цяжка з нечым зблытаць. Потым знайшлося яшчэ два вокі. Кожны раз — на розных фрагментах тынку. Дык вось, што значаць тры вокі Крэўскага замка? Што людзей малявалі тут і ў Сярэднявеччы? Што на Ягайлу, калі той ставіў подпіс на гістарычны дакумент, які пашырыў яго (і нашу!) дзяржаву да Чорнага мора, глядзелі са сцен і скляпенняў вочы архангелаў ці апосталаў? Ці, можа, тут, у вежы, была каплічка? І ці не ў ёй утрымліваў Ягайла таго, каго потым забіў? Ці не ў ёй замольваў забойства?

«Гэта трэба правяраць».

Ці, можа… Можа, гэта трэба ўяўляць: закрываць вочы і ўяўляць. А потым ствараць нешта настолькі ж моцнае, як «Каласы пад сярпом тваім».

Амін.

Віктар МАРЦІНОВІЧ, budzma.org

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича