Следите за нами в социальных сетях:

Шыбека: Няўжо “аграгарадок” гучыць прыгажэй за “мястэчка”?!

Слова “мястэчка” цяжка перакласці на іншыя мовы, бо “городок”, “town” – гэта ўсё не тое, яно не перадае сутнасці гэтага “ўласнабеларускага” населенага пункта. А мястэчак у перыяд росквіту ў Беларусі было больш за 400!

І збольшага яны мелі Магдэбургскае права (права на самакіраванне). У той час, як у Расійскай імперыі пра такое нават не чулі.

Захар ШыбекаЗахар Шыбека – адзін з самых аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў, прафесар, доктар навук. Аднак за гэтымі званнямі і рэгаліямі хаваецца не занудны кабінетны дзядзька, а найцікавейшы апавядальнік, лектар, выкладчык. Шыбека – вельмі не-савецкі чалавек, гісторык еўрапейскага тыпу і маштабу. Нядаўна ён прапанаваў усе скульптуры савецкага часу звезці ў адно месца і зрабіць такі “тэрарыюм” – нешта падобнае стварылі ў Літве. Уявіце сабе прасавецкага гісторыка, які такое прыдумае!
Гаворачы пра мястэчкі, Захар Шыбека прыводзіць у прыклад Іўе – дзе непадалёк адно ад аднаго стаяць царква, касцёл, мячэць і былая сінагога. Вось яно, беларускае скрыжаванне культураў!

“Майстэрства беларускага экскурсавода – расказаць пра тое, чаго няма”

Спадар Захар, мне вельмі спадабалася Вашая думка, што на настальгіі па мінулым – у тым ліку па мінулым нашых мястэчак – трымаецца турыстычны бізнэс. Гэта толькі ў нас так, ці гэта агульная тэндэнцыя: што мінулае вабіць нас больш за сучаснае?

Захар Шыбека: Настальгія – гэта ўніверсальная заканамернасць, якая назіраецца ўсюды. Але ў іншых краінах Еўропы, у адрозненне ад Беларусі, настальгія дапаўняецца багатай гісторыка-культурнай спадчынай, якую народы Еўропы захавалі. А ў нас часам турызм грунтуецца толькі на настальгіі, таму што свае скарбы мы, на жаль, не змаглі захаваць. І таму ў нашым турыстычным бізнэсе вялікае значэнне мае інфармацыя, пазнавальны турызм, майстэрства экскурсавода – расказаць пра тое, чаго няма. Гледзячы на руіны – стварыць вобраз нечага прывабнага і прыгожага. Таму турызм наш даволі спецыфічны.

Суседзі пайшлі далей – Каралеўскі замак у Варшаве адноўлены ў 1970-х гадах, Тракайскі замак таксама ў другой палове ХХ стагоддзя паўстаў з руінаў, у Гданьску разбураны касцёл таксама падняты... Чаму мы расказваем “тут быў…”, а яны як мінімум – “вось такі ён быў…”, а найчасцей – “вось ён ёсць…”. Які спосаб больш шчыры ў дачыненні да гісторыі?

Захар Шыбека: Больш шчыры да гісторыі спосаб – паказваць руіны. І такі спосаб робіцца цяпер універсальны ў еўрапейскіх краінах. Але ўлічваючы спецыфіку Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі, дзе пракацілася такая вынішчальная вайна як Другая сусветная, ёсць Рымская хартыя 2000 года, якая дазваляе ўзнаўляць поўнасцю вынішчаныя помнікі гісторыі і культуры. Але аднаўляць па адпаведных канонах рэстаўрацыі – з гістарычнай дакладнасцю будынка, ужываннем па-магчымасці аўтэнтычных матэрыялаў (калі іх няма, трэба арганізаваць іх вытворчасць), трэба аднаўляць не толькі аб’ект, але і ландшафт вакол яго. Гэта дапушчальна, і гэта ў нас паціху робіцца – але часам без прытрымлівання гэтых міжнародных прынцыпаў.

“Брычка губернатара” каля мінскай Ратушы – гэта абуральна!”

Мала прыпомніцца прыкладаў, калі ў нас стварылі вытворчасць адмысловай цэглы, каб аднавіць помнік… Але вось, напрыклад, мінская Ратуша, якую паставілі на тое самае месца, прыкладна ў тым самым выглядзе і патынкавалі. Ясна, што пад гэтым тынкам сучасная цэгла з дзірачкамі – дык ці настолькі прынцыпова, якая цэгла будзе пад тынкам – калі аднаўляецца відарыс гораду?

Захар Шыбека: Для спецыялістаў гэта мае значэнне – з якога матэрыялу ўзноўлены будынак. Ваш прыклад менш відавочны, але ж ёсць прыклады, калі новы матэрыял выпірае вонкі з помніка…

…Лідскі замак?

Захар Шыбека: Так. У гэтым выпадку любым наведнікам аб’екта ён не ўспрымаецца як гістарычны. Асабліва калі гэта рабілі будаўнікі, якія маюць справу з панэльнымі дамамі. Нас падводзіць паспешнасць – хутчэй, хутчэй, трэба ўвесці, ёсць план… Напрыклад, Ніжні замак у Вільні аднаўлялі каля 10 гадоў. Ніхто нікуды не спяшаўся – гэта быў такі працэс паглыблення ў матэрыял, у эпоху, вывучэнне ажно да драбязы – спецялісты з усяе краіны прымалі ў гэтым удзел. А ў нас усё вырашае прараб ці нейкі будаўнік-інжынер, які не мае спецыялізацыі ў рэстаўрацыі. У выніку і з’яўляюцца аб’екты, якія не адпавядаюць правілам рэстаўрацыі. Насупраць Ратушы – гатэль “Еўропа”. Гэта супрацьлегласць таму, што зроблена з Ратушай! Там не толькі сучасны матэрыял – але не на тым месцы пабудавана, парушаны выгляд (дабудаваны яшчэ адзін паверх). І выдаваць такі дом за гістарычны помнік ніяк не выпадае, бо гэта – навабуд, сучасны будынак “а-ля старына”! Такіх “Еўропаў” можна набудаваць па ўсім горадзе, па ўсёй Беларусі – і яны не будуць мець ніякай гістарычнай каштоўнасці. А вось Ратуша – яна ўжо стварае вобраз, атмасферу, гістарычна дакладную, больш-менш адпавядае стандартам. Праўда, і там ёсць пэўныя парушэнні – і з фундаментам, і побач быў разбураны фантан, які меў гістарычнае значэнне…

Каля Ратушы аднавілі царкву Святога Духа, але не ўтрымаліся – і ляпнулі побач убогі ўваход, як у маўзалей. Адкуль такія глупствы лезуць?

Захар Шыбека: У гэтым выяўляецца амбітнасць нашых архітэктараў – хоць што-небудзь, але сваё ўнесці. Як той жа шкляны купал каля Ратушы…

Дык пад Луўр закасілі!..

Захар Шыбека: Пад Луўр, але атрымаўся карлік нейкі! А з іншага боку Ратушы – сімвал нашай каланіяльнай залежнасці, “брычка губернатара”. Ратуша – гэта сімвал еўрапейскай свабоды, а губернатар – сімвал царскага дэспатызму, і ўласна скасавання гэтай Ратушы! Калі ж мы бярэм царкву Святога Духа – то і тут парушаныя каноны. Бо адноўлены помнік мусіць мець функцыянальнае значэнне, набліжанае да ранейшага. То бок, тут мусіў размясціцца храм! А яны, атрымліваецца, пабудавалі філармонію ў выглядзе храма! Нам не хапае культуры, ведання сваёй гісторыі, традыцыі. Не хапае спецыялістаў у аднаўленні – абы хутчэй, абы прыгожа.

Вы прыгадалі, што Ніжні замак у Вільні аднаўлялі 10 гадоў. Але Мірскі замак аднаўлялі 25 гадоў – і атрымалася недасканала… Дык можа, ёсць сэнс запрашаць замежных спецыялістаў?

Захар Шыбека: Былі спробы запрашаць, але гэта каштуе грошай – а ў нас на ўсім імкнуцца сэканоміць. Зараз у нас наладжаная падрыхтоўка спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі. Гэта маладыя людзі. Калі яны дасягнуць майстэрства – невядома… У нас быў такі класны рэстаўратар Уладзімір Папруга, але тут яму не далі працаваць, і цяпер ён працуе за мяжой, у Венесуэле…

Вы кажаце пра руіны, а мне прыгадваецца адная, пра якую шмат вядзецца апошнія гады – Каложа (Барысаглебская царква) ХІІ стагоддзя ў Гродне. Знайшліся фантазёры, якія хочуць “дабудаваць” яе. Што Вы пра гэта думаеце?

Захар Шыбека: Я думаю, што калі нашыя рэстаўратары возьмуцца за гэтую царкву, яны яе загубяць. Гэта яркі прыклад таго, што лепш захаваць рэшткі – галоўнае, закансерваваць ацалелую частку. А частка, якой не стае, можа і застацца такой сімвалічнай – з дрэва ці іншага матэрыяла. Каб людзі бачылі, што вось гэта – штучнае, а гэта – натуральнае. А калі мы ўсё пераробім і будзем выдаваць за аб’ект ХІІ стагоддзя – гэта будзе падман людзей, фальсіфікацыя.

“Са 116 замкаў у розным выглядзе ў нас захаваліся 20”

Спадар Захар, у сваёй лекцыі пра мястэчкі Вы збіраецеся расказваць пра нейкія чатыры “раі”. Патлумачце людзям, якія ведаюць толькі адзін Рай, адкуль Вы яшчэ тры ўзялі.

Захар Шыбека: Я гэта ўзяў атракцыйна, каб стварыць такую інтрыгу. Але помнікі архітэктуры – дзе б яны ні былі – у іх аднолькавы лёс. Іх спачатку ствараюць, потым яны так ці іначай разбураюцца, потым у якасці настальгіі іх спрабуюць аднаўляць. Гэта адпавядае хрысціянскай традыцыі – дзе “рай існуючы”, “страчаны”, “ілюзія яго аднаўлення”, а таксама “ключы ад раю”. Аднаўленне помніка – гэта якраз ілюзорнае імкненне да рая – бо як бы мы ні выконвалі каноны рэстаўрацыі, усё адно той першапачатковы рай, першапачатковы выгляд будынка не адновім. Тым не менш ёсць пэўны інструментарый, “ключы ад рая”, які дазваляюць аднавіць будынак не столькі на пэўнай тэрыторыі, колькі ўяўна, у нашай свядомасці, у нашай памяці. Ключы – гэта веды, методыкі, правядзенне экскурсій, методыкі рэстаўрацыі, рэстытуцыі, музеізацыі і мемарыялізацыі – памяць пра людзей, якія там жылі. Хоць бы гэты рай нельга страчваць. Нашыя помнікі архітэктуры разбураныя, ляжаць у руінах. Са 116 замкаў у розным выглядзе захаваліся 20. З 2000 сінагог – толькі 106. Мы страцілі сваю рухомую каштоўнасць – кнігі, манеты, музейныя рэчы. 90% такіх каштоўнасцяў вывезеныя з Беларусі – у выніку войнаў і захопаў. Мы страцілі сваю духоўнасць і сваіх людзей – уцечка мазгоў працягваецца і цяпер. Пасля атрымання Незалежнасці, здавалася б, наступілі спрыяльныя ўмовы для вяртання ўсяго гэтага “рая”. Але, як ні парадаксальна, у ходзе мадэрнізацыі помнікі архітэктуры працягваюць знішчацца… Я веру, што для вяртання гэтага час яшчэ настане. Мястэчкі, пра якія я буду казаць у лекцыі – гэта своеасаблівая песня народаў, якія там жылі, мелі сваю культуру, законы талерантнасці і ўзаемапавагі адзін да аднаго. Урэшце, яны былі ў межах гэтых сваіх мястэчак свабоднымі людзьмі… Тое, што нашыя помнікі зараз ляжаць у руінах – гэта вельмі ўплывае на беларусаў, на Беларусь, на яе лёс. Таму што культура вельмі ўздзейнічае на людзей. І вось гэтыя культурныя руіны перашкаджаюць нам вырашаць іншыя праблемы.

І таму людзі гавораць, што ў нас “нічога няма”.

Захар Шыбека: Так! Гэта падкошвае людзей, у іх апускаюцца рукі – і таму трэба прытуліцца да тых, у каго ёсць – ці да Расіі, ці да Польшчы… Хоць трэба толькі вярнуць свае скарбы – зразумець, што мы тут былі.

Калі чыноўнікі не спяшаюцца – што могуць пры гэтым зрабіць простыя людзі?

Захар Шыбека: Я думаю, трэба на грамадскіх пачатках пашыраць краязнаўчы рух. Шмат могуць тут зрабіць турыстычныя фірмы – і яны ўжо значна што робяць. Я ўжо нават ведаю такі факт, што знакаміты ізраільскі дзеяч Бен-Йехуда, які аднавіў іўрыт, аказваецца, нарадзіўся ў трох нашых мястэчках!.. (смяецца) Кожны імкнецца ўзняць прэстыж свайго аб’екта турыстычнага! Мяне бянтэжыць, калі я часам чую ад чыноўнікаў, што калі каштоўнасць мае праваслаўнае, рускамоўнае паходжанне – гэта “наша”. А калі ўжо каталіцкая, польская культура яе стварыла – то гэта “не наша”. Трэба зразумець: усё, што створана на тэрыторыі Беларусі – належыць Беларусі!

Належыць-та належыць, але як з гэтым усім управіцца…

Захар Шыбека: Спосаб адзін – аддаць у прыватныя рукі. Бо толькі пад аховай дзяржавы знаходзіцца больш за 3000 аб’ектаў, рэальная лічба помнікаў архітэктуры як мінімум удвая большая. Адкуль у дзяржавы столькі сродкаў, каб гэта захаваць і аднавіць? Таму трэба – як ва ўсім свеце – прадаваць у прыватныя рукі. І сачыць за ўтрыманнем тэхналогій рэстаўрацыі, дапамагаць з методыкамі, спецыялістамі.

“Гісторыкі, вы ж ведаеце, вялікія казачнікі…”

Вы бачыце ўратаванне мястэчак, помнікаў архітэктуры ў турызме – камерцыйных рэйках. А як вы ставіцеся да турыстычных баяк, міфаў? Вось стаіць царква ў Сынковічах, даследчыкі датуюць яе пачаткам XVI стагоддзя. А калі прыязджаеш – святар кажа, што гэта перабудаваны замак Вітаўта, а на гарышчы ён увогуле знайшоў дахоўку ХІІІ стагоддзя… Абурацца ці падтрымліваць байку?

Захар Шыбека: Вы ж ведаеце, гісторыкі – гэта вялікія казачнікі, без гэтага немагчыма. Калі ў гісторыка няма пачуцця фантазіі – то ён не зможа на аснове археалагічных рэшткаў стварыць цэлую панараму гістарычнага жыцця. Што тычыцца турызму, я лічу – міфы дупушчальныя, іх трэба ствараць як мага болей! Але, ведаеце, сумленны экскурсавод павінен так дзейнічаць: расказаць прыгожую казку, а потым сказаць “магчыма, так не было, але ёсць такі міф”. Потым яшчэ адну казку расказаць, і зноў “можа, гэта прыдумалі нашы продкі…” Але ўжо гэтым можна зацікавіць. У міфах абавязкова ёсць гістарычныя рэаліі, і праз міфы чалавек набліжаецца да рэаліяў гісторыі. Міфы працуюць на нашае пачуццё патрыятызму, кансалідацыю нацыі. Але расказваючы міф, трэба быць сумленным. Вось вы кажаце, Сынковічы – міф, што гэта ХІІІ стагоддзе. Але ж трэба даказаць, што гэта не ХІІІ стагоддзе! Ніхто ж не даказаў!.. (смяецца)

Савецкая ўлада навязвала свой міф – усё, што па-за горадам, гэта галеча, жабрацтва, гнілыя хаты і няшчасныя людзі. Які вобраз мястэчка жыве ў Вашай свядомасці?

Захар Шыбека: Мне пасуе вобраз традыцыйнага, сярэднявечнага, першаснага мястэчка. Якім яно было пачынаючы з XVI стагоддзя, калі мястэчкі былі ў стадыі росквіту. Мне бачацца там не толькі касцёлы, палацы, гандлёвыя рады, плошча, ратуша... Але і гарманічная мадэль эканамічнага падзела працы, дзе кожны займаўся сваёй справай – і ўсе разам мелі поспех… А гаспадары мястэчак, чые палацы знаходзіліся ці тут, ці побач – уносілі сюды свой інтэлектуальны капітал, кіравалі гэтымі працэсамі, і рабілі элітную культуру. Гэта было гарманічнае стварэнне, дзе кожны паважаў працу іншага. Мястэчкі ігралі важную адукацыйную ролю – там будаваліся школы, праз гэтыя мястэчкі еўрапейская гарадская культура прасочвалася ў самыя глухія куточкі Беларусі. У часы росквіту ў Беларусі было больш за 400 мястэчак…

Ці захавалі хоць некаторыя з іх сваё былое аблічча?

Захар Шыбека: Планіроўка мястэчак у Заходняй і Усходняй Беларусі адрознівалася. На Захадзе мястэчка мела чатырохкутную гандлёвую плошчу, перакрыжаванне вуліц пад прамым вуглом. І два цэнтры: адзін гэта плошча, другі – палац уладара. На Усходзе мястэчкі былі прасцейшыя – адна-дзве вуліцы і пасярэдзіне плошча. Дык вось, гэтую рэнесансную планіроўку мястэчкі захавалі за часам Расійскам імперыі – царызм не дайшоў да такіх нізоў. І нават тыя мястэчкі захавалі сваю структуру да нашых дзён, якія не закранула савецкая індустрыялізацыя. Калі там не было нейкіх буйных прадпрыемстваў, то мястэчкі гэтыя захаваліся такія, якімі былі стагоддзі таму. Задача пры аднаўленні мястэчак – захаваць гэтую планіроўку, вобраз маленькіх гарадоў. Панэльныя шматпавярховікі пасярод мястэчак, будынак кампартыі, помнік Леніну – нонсэнс! Думаю, што варта захоўваць там драўляныя пабудовы, будаваць не больш за 2-3 паверхі, вярнуць мястэчкам іх былыя найменні. Няўжо “аграгарадок” гучыць прыгажэй за “мястэчка”?..

Доктар гісторыі Захар Шыбека прачытае 23 снежня публічную лекцыю пра беларускія мястэчкі. Лекцыя пачнецца а 18.30 у галерэі Шчамялёва (Мінск, пр-т Ракасоўскага, 49, праезд ад вакзала на тралейбусах №№20, 30, аўтобусах №8, 127 да прыпынка “Шэпічы” (універсам “Палессе”)). Уваход вольны!

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, TUT.BY

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича