Следите за нами в социальных сетях:

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Яна Булгака

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага і польскага этнографа і фалькларыста, майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі.

Выдатнага майстра краязнаўчай фатаграфіі XX стагоддзя Яна Булгака называюць сваім адразу тры краіны: Беларусь, Літва і Польшча. Нарадзіўся ён у Навагрудскім раёне, у невялікім маёнтку Асташына. У 1897 годзе скончыў рускую класічную гімназію ў Вільні і ў тым жа годзе паступіў у Ягелонскі універсітэт у Кракаве, але праз два гады з-за недахопу сродкаў яму давялося  пакінуць вучобу.

У 1919 – 1939 гадах Ян Булгак загадваў лабараторыяй мастацкай фатаграфіі пры Віленскім універсітэце і ўзначальваў Віленскі фотаклуб.

Менавіта тады Булгак стварыў калекцыю здымкаў, якія ўвайшлі ў яго знакамітыя альбомы аб Вілейшчыне, возеры Нарач, тады ж з'явілася і серыя гарадскіх пейзажаў Вільні. За сваю творчую дзейнасць ён неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і медалямі. На жаль, большая частка фотатэкі майстра згарэла ў 1944 годзе.

Вядомы Ян Булгак не толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як педагог, бібліёграф, фалькларыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар артыкулаў аб беларускім фальклоры і краязнаўстве, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаходзіцца невялікая калекцыя работ фотамайстра, якая ўпершыню экспанавалася ў 1999 годзе. Асобныя яго працы захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Вільнюса і Варшавы. Памёр Ян Булгак у 1950 годзе ў Польшчы.

Адметна, што ягоны маёнтак у вёсцы Асташына, што належыць зараз да Карэліцкага раёну, аднаўляе мясцовы прадпрымальнік Уладзімір Кветка. Ён мае невялікую будаўнічую фірму і за ўласныя сродкі выкупіў дом, які за савецікм часам прыйшоў у заняпад. Новы гаспадар плануе стварыць у маёнтку музей Яна Булгака, рэстарацыю і невялічкі гатэль.

Адар'я ГУШТЫН, TIO.BY

Смотрите фотогалерею Кревский замок на фотографиях Яна Булгака

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича