Следите за нами в социальных сетях:

Раскопкі гарадзішча могуць перавярнуць нашы ўяўленні пра старажытную Літву

Крэва — знакавае месца ў беларускай гісторыі. З Крэўскага замка бярэ пачатак традыцыя мураванага абарончага дойлідства ВКЛ.

Крэўскай уніяй пачынаецца супярэчлівы працэс інтэграцыі ВКЛ і Польшчы, які адзываўся паўтысячагоддзя. Але ёсць яшчэ адзін сюжэт, які інтрыгуе неабыякавых да гісторыі Беларусі — гісторыя Крэва як аднаго з палітычных асяродкаў даўняй Літвы, аднаго з цэнтраў этнічных і палітычных працэсаў наконадні ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага.

Памылкай будзе меркаваць, што даўняе Крэва знаходзілася ў сённяшнім месцы — вакол мураванага замка XIV ст. Выглядае, што якраз мястэчка ўзнікла вакол замка, пазней за яго. Але дзе знаходзілася першапачатковае Крэва?

Ранняе Крэва

Па шляху на Смаргонь, за два кіламетры на поўнач ад мураванага замка знаходзіцца Крэўскае гарадзішча. Яно візуальна вылучаецца нават сярод пагоркавых ландшафтаў Ашмянскага ўзвышша. Гарадзішча сягае 20 м вышыні, яго дзядзінец аточаны 5-метровымі землянымі валамі.

Крэўскае гарадзішча падобнае да гарадзішчаў Жалезнай эпохі пачатку нашай эры. Дзясяткі іх абжылі насельнікі паўночнага захаду Беларусі, якое вызнаюць як насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі. Пазней гарадзішчы сталі сховішчамі, куды людзі збягалася ў часы небяспекі. Насельніцтва іх было балцкім.

З мэтаю пошуку ранняга Крэва летам 2013 на гарадзішчы былі праведзены археалагічныя даследаванні. Ініцыятарам іх выступіў Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак», які ўжо раней фінансаваў раскопкі на месцы Мікольскай царквы і Юравай гары ў Крэве, і пра што ўжо пісала «Наша Ніва».

Матрыца славянскага ювеліра

Знаходкі былі нечаканымі. На Крэўскім гарадзішчы масава сустракаецца кераміка, зробленая на ганчарным коле, з традыцыйным лінейна-хвалістым арнаментам. Такі керамічны посуд вызначаюць як славянскі: даўнія балты не ведалі ганчарнага кола. У Крэве таксама былі знойдзены адметныя металічныя вырабы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Напрыклад, у адным з шурфоў трапілася бронзавая лілеяпадобная падвеска. Так уяўлялася напачатку. Але пасля выявілася, што перад намі нават не сама падвеска, а матрыца, з выкарыстаннем якой рабілі такія падвескі. Тэхналагічна гэта выглядала так: на бронзавую матрыцу накладалася срэбная пласцінка, якая і адціскалася на матрыцы, паўтараючы яе форму і арнамент. Потым ціснёная палоска прыпайвалася да гладкай, і ўтваралася фігурная пустацелая лёгкая падвеска. Срэбныя падвескі можна было складаць у каралі. Крэўская матрыца сведчыць пра існаванне на гарадзішчы цэнтра вырабу такіх падвесак і караляў.

Падобныя падвескі знаходзілі ў багатых скарбах пад Кіевам, у складзе знакамітага Вішчынскага скарбу (Рагачоўшчына), схаванага, падобна, падчас мангольскага нападу ў сярэдзіне ХІІІ ст. Але найбольш такіх падвесак знаходзяць на гарадзішчах крывіцкай Смаленшчыны і датуюцца ХІІ—ХІІІ ст.

Такія падвескі былі часткаю ўбору гарадскіх жыхарак.

Бранзалеты з Кіева

Сярод крэўскіх знаходак ёсць матэрыялы, якія маюць нават лепшае датаванне і наўпрост сведчаць пра гарадскі характар паселішча. Гэта шкляныя бранзалеты. Фрагменты такіх бранзалетаў рознага колеру сустракаюцца практычна ва ўсіх гарадах Усходняй Еўропы ў пластах ХІ—ХІІІ ст. Яны былі ўлюбёным упрыгожаннем гара-джанак. Сялянкі іх не насілі, мяркуючы па вясковых курганных пахаваннях.

Археолагі спачатку лічылі бранзалеты прадметамі візантыйскага імпарту: у Візантыі яны былі пашыраныя, а асноўны цэнтр вытворчасці знаходзіўся ў Сірыі. Цяпер даведзена, што бранзалеты вырабляліся і ў Кіеве. Але пасля таго, як манголы разграмілі Кіеў у 1240, вытворчасць спынілася. Крохкія бранзалеты хутка ламаліся на руках дзяўчын. Таму перыяд іх бытавання не сягае далей сярэдзіны ХІІІ ст.

Сведкі першых дэвальвацый

Апроч упрыгожанняў, якія сведчаць пра прысутнасць у даўнім Крэве славянаў, ёсць на нашым гарадзішчы і рэдкія знаходкі, якія сведчаць пра гандлёвы патэнцыял паселішча.

Вылучаецца знаходка двух брактэатаў — упершыню ў Беларусі. Брактэат — гэта манета з тонкай срэбнай пласцінкі, бітая штэмпелем толькі з аднаго боку на мяккай падкладцы. Выява выходзіла пукатай. Інакш, можна сказаць, гэта «аднабаковая» манета. У Германіі брактэаты з’явіліся ў першай палове ХІІ ст. і хадзілі да сярэдзіны XV ст. Іх з’яўленне стала вынікам змяншэння ў канцы ХІ ст. вагі заходнееўрапейскага дэнарыя, які, захаваўшы ранейшы дыяметр, стаў таннейшым. Спачатку тонкія дэнарыі білі па-старому, але выявы праступалі на адваротныя бакі, скажаючы афіцыйныя знакі легітымацыі манеты. Для выпраўлення становішча дэнарыі (пфенігі, «фенікі»), тонкія, як фольга, сталі біць аднабаковымі.

Брактэаты як дробная разменная манета былі эфектыўным інфляцыйным інструментам. Раз на год (а ў Магдэбургу — двойчы) эмітэнт, ад імя якога білася манета (князь, біскуп ці горад) рабіў абмен грошай: вымаў з грашовага абарачэння брактэаты і замяняў іх на новыя. А старыя брактэаты-пфенігі прымусова дэвальваваліся на 25%. Фактычна, гэта быў прыхаваны падатак — «збор» на біццё манеты. Нямецкая даследчыца Маргрыт Кенэдзі лічыць, што такі метад прымусовай дэвальвацыі дапамагаў павялічыць спажыванне і скараціць назапашванні (людзям не было сэнсу збіраць і закопваць у скарбах грошы, якія абясцэньваліся, яны куплялі за іх тавары). Гэта стымулявала вытворчасць, вяло да росту дабрабыту насельніцтва і развіцця эканомікі.

Вось чаму пры сваёй масавасці брактэаты рэдка трапляюцца ў скарбах. Цяжка знайсці такія танюткія і крохкія манеты і падчас археалагічных раскопак.

Крэўскія манеты належаць да тыпу так званых «гузікавых» брактэатаў і ў цэлым укладаюцца ў перыяд XIII—XIV стст. Аналагічныя былі распаўсюджаны на тэрыторыі Нямецкага ордэна ў Прусіі, у польскім Памор’і, у прыватнасці, іх білі гданьскія князі. Такім чынам, праз брактэаты мы маем доказы гандлёвых зносін жыхароў Крэва з Балтыйскім рэгіёнам.

Але ёсць яшчэ адна знаходка, якая непасрэдна ілюструе забеспячэнне гандлёва-грашовых аперацый — гэта вагавая манетная гірка, знойдзеная ў ніжнім (перадмацерыковым) пласце Крэўскага гарадзішча. Такія гіркі вырабляліся з каляровага металу (медзі ці бронзы) і сваёй формай нечым нагадвалі дыямант — крэўская мае 14 граняў, на некаторых з іх прастаўлены ўмоўныя пазначэнні вагі. Падобныя гіркі адносяцца да паўночна-еўрапейскай (скандынаўскай) сістэмы і з’яўляюцца не адзінкавай знаходкай у Беларусі.

Славяне як габрэі ХІІ ст.

Прыклад Крэва ХІІ—ХІІІ ст. можа скарэктаваць нашы ўяўленні пра даўнюю Літву.

Калі сысці са сферы бясплённых спрэчак, якой была першапачатковая Літва — балцкай ці славянскай, — то можна паразважаць пра шматстайны характар этнічных і сацыяльных узаемадзеянняў у Сярэднявеччы на гэтай запаветнай тэрыторыі Еўропы. Падобна, што Літва сапраўды вылучаецца з іншых балцкіх абшараў змяшанасцю насельніцтва.

Мы бачым Крэва як адзін з цэнтраў гістарычнай Літвы. На матэрыялах Крэўскага гарадзішча ХІІ—ХІІІ стст. робіцца зразумелым, што да эпохі ўтварэння Вялікага Княства Літва падыходзіла ўжо з пэўным цывілізацыйным здабыткам. Тут пачыналіся свае працэсы ранняй урбанізацыі і існавалі свае цэнтры з даволі развітай рамеснай вытворчасцю і актыўнымі замежнымі сувязямі. Але трэба зрабіць адну папраўку: урбанізаваным насельніцтвам Літвы былі, як выглядае, славяне.

Гэтае, магчыма, нешматлікае славянскае насельніцтва «першапачатковай» Літвы займала сацыяльную нішу, падобную на пазнейшую ролю габрэяў у гарадах Вялікага Княства ці немцаў у ранняй Польшчы: яны забяспечвалі сувязь са знешнім светам. Славянскае насельніцтва Крэва наладжвала гандлёвыя і тэхналагічныя кантакты найперш з суседняй Полацкай зямлёй. Калі высновы пацвер-дзяцца, гэта зменіць уяўленні пра эпоху ўтварэння ВКЛ. Старажытная Літва паўстане перад намі менш гамагеннай і больш інтэграванай у протабеларускі абшар.

Чым жа было Крэўскае гарадзішча ў ХІІ—ХІІІ ст.: славянскай факторыяй сярод балцкага насельніцтва, раннефеадальным замкам нобіля Літвы ці раннім горадам? Адказаць на гэтыя пытанні змогуць толькі далейшыя даследаванні.

Алег ДЗЯРНОВІЧ, nn.by

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича