Следите за нами в социальных сетях:

 

На Вілейшчыне знайшлі сляды першабытных людзей

Крамянёвыя прылады часоў каменнага веку знайшлі ўдзельнікі археалагічнай разведкі ў суботу, 17 верасня, каля вёскі Цынцавічы на паўночным ўзбярэжжы возера Вула. Раскопкі праводзіліся пад кіраўніцтвам археолага Міхася Чарняўскага.

У экспедыцыі ўдзельнічалі мясцовы краязнаўца Аляксандр Зайцаў і кіраўнік вілейскага «Таварыства аховы помнікаў» Дзяніс Канэцкі.

Даследчыкі ўскрылі два квадратныя метры зямлі, дзе знайшлі восем крамянёвых прадметаў і каля 20 частак прыладаў, якія сведчаць пра тое, што ў час мезаліту тут было паселішча. Знойдзеныя прадметы − пераважна нажы.

раскопки на озере Вула

Міхась Чарняўскі плануе арганізаваць на гэтай стаянцы археалагічную экспедыцыю летам, прыцягнуць да ўдзелу студэнтаў гістарычнага факультэта.

- Чаму вы накіраваліся менавіта на Вулу?

- Яшчэ ў дарэвалюцыйных публікацыях ёсць звесткі, што на возеры Вула на Вілейшчыне знаходзілі слупы. Мяркуецца, што там было паселішча на палях. А ў Літве ёсць група даследчыкаў, якія шукаюць археалагічныя рэчы пад вадой. Таму што ў вадзе ўсё цудоўна захоўваецца − скура, сеткі, вопратка. Гэта неверагодна, бо такія старажытныя рэчы не знойдзеш наверсе, у пяску парахнеюць нават жалеза і кераміка, а пад вадой захоўваецца і арганіка.

Група літоўскіх даследчыкаў скантактавалася з археолагамі з Акадэміі навук, тут і я далучыўся, бо больш-менш ведаю гэтыя месцы, і Максім Чарняўскі, мой сын. Летась, у кастрычніку, мы сабраліся, прыехалі на Вулу. У савецкі час там знайшлі сапрапель і пачалі асушаць возера. Цяпер яго няма.

раскопки на озере Вула

А ў цэнтры засталася купа дрэў, якія нагадваюць востраў. Напэўна, там і было паселішча на палях. Па карце я бачыў, дзе было балота, значыць даўней там было возера. Паглядзеў, дзе ёсць сухія астравы і паўастравы, сасновы лес − там старажытны карэнны бераг. Мы тады паехалі з поўначы, прайшлі па паляўнічай дарожцы, і знайшлі на лясных выварацях даволі многа крэменю. Там была стаянка каменнага веку. А вось керамікі ці наканечнікаў стрэлаў, па якіх можна вызначыць, якая там была культура, не знайшлі, як і слупоў. Вось і вырашылі даследаваць гэты ўчастак, каб сказаць, калі тут было паселішча, расказаць пра яго і самых першых людзей, што жылі ў наваколлі Вулы.

Дзяніс Канэцкі запрашаў мяне на археалагічную разведку з вясны. Вось я, нарэшце, знайшоў вольны час.

- Ці цяжка вызначыць, да якога перыяду адносяцца знойдзеныя вамі прадметы?

- Да якой культуры адносяцца керамічныя вырабы, вызначаю практычна адразу. Крамянёвыя вырабы вызначаю па форме. У кожным перыядзе была свая «мода». Гэта звязана з пераменай роду дзейнасці, заняткаў.

Калі людзі жылі за кошт палявання, наканечнікі стрэлаў былі лістападобныя. Кабанчыка падбіў − дастаеш стралу і палюеш зноў.

Калі нашы продкі пачалі ваяваць паміж сабой, стала магчымым захапіць багацці, напрыклад, статак жывёл, і людзі пачалі рабіць наканечнікі на чалавека. Яны былі баявыя, шыпастыя, каб ахвяра магла толькі зламаць дрэўка, а наканечнік заставаўся ў целе на цэлае жыццё, і чалавек заставаўся калекам. Такія наканечнікі належаць перыяду позняга неаліту і бронзавага веку.

- Дзе яшчэ вы займаліся раскопкамі ў нашым рэгіёне?

- Самая першая мая самастойная разведка была ў 1964 годзе. На перашыйку паміж Нараччу і возерам Мястра ёсць невялікая рэчка Скема. Паўднёвую стаянку «Скема-1» я раскопваў даволі шмат гадоў. Знайшоў цікавыя разнастайныя абломкі керамікі, добрыя наканечнікі стрэлаў, сякеркі.

Самыя старажытныя людзі жылі там 7 тысяч гадоў таму, у раннім неаліце, яны былі прадстаўнікамі нарвінскай культуры. Гэта продкі сучасных эстонцаў, уяўляеце, як далёка трапілі. Яны змяшаліся з мясцовымі жыхарамі, і атрымалася гібрыдная ўсвяцкая культура. Ёсць фрагменты іх рэчаў у Княгініне, Крывічах і нават у вёсцы Малмыгі.

Праводзіў раскопкі ў вёсцы Кусеўшчына, стаянку знайшоў жыхар Кабыльніка Чэслаў Каспарэўскі. Гэта перыяд мезаліту, прыкладна 8 тысяч гадоў да нашай эры. Тыя людзі яшчэ не ведалі керамікі.

На самой Віліі, у Сосенцы, працавалі некалькі гадоў. Тады толькі збіраліся заліваць вадасховішча. Там таксама дакерамічная эпоха.

Ёсць такая вёска Кастыкі, стаіць каля ўпадзення Сэрвачы ў Вілію. Там знайшоў бронзавую сякеру, якая цяпер знаходзіцца ў музеі старажытнабеларускай культуры.

На раскопках са мной былі студэнты. Паклаў сякеру на пень, а сам пачаў замалёўваць месца, дзе яна была. Адзін студэнт вырашыў праверыць, ці добра яна сячэ. І стукнуў ёй у пень. Сякера была ў выдатным стане, як новенькая, а ўдар пашкодзіў лязо.

- Дасталася яму за гэта?

- А ніхто не прызнаўся. Ну, што зробіш. А сякеру аднавілі.

Вялікія паселішчы ў раннім мезаліце і крыху ў палеаліце былі каля вусця рэчак Драі і Белай, а пасля Вілія інтэнсіўна падразала бераг, зямля падала ў глыбіню, рака наносіла жвір. Там захавалася мноства костак і касцяных вырабаў.

Калі адтуль даставалі жвір, то ў ім «вылоўлівалі» жалеза, дрэва, косткі. Так знайшлі сотню ўнікальных вырабаў: кінжалы, матыкі, сякеры, жазло шамана, косткі маманта, валасатага насарога, нават шаблязубага тыгра. Гэта ўнікальная калекцыя, яшчэ не апублікаваная, бо даследуецца. У Беларусі больш нічога падобнага няма.

***
Мезаліт − сярэдні каменны век. На Беларусі доўжыўся з 9 па 5 тысячагоддзе да нашай эры. Сапрапелі − шматвяковыя адкладанні ў прэсных вадаёмах, якія сфарміраваліся з адмерлых водных раслін, астанкаў жывых арганізмаў, частак перагною.

Зоя ХРУЦКАЯ, Рэгіянальная газета
Фота Дзяніса КАНЭЦКАГА

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича