Следите за нами в социальных сетях:

Марозаў: “Чаму будынак нельга разглядаць як архітэктурны тэкст?”

Лекцыя Ігара Марозава з цыклу “Urbi et Orbi” адбудзецца 10 лютага (пятніца) а 18.30 у “Арт Сядзібе” (Куйбышава, 22, ГД “Гарызонт”, 2-гі паверх). Уваход свабодны.

Игорь МорозовНазываецца лекцыя “Герменеўтыка дойлідства”. Дойлідства – гэта архітэктура, але ў больш шырокім разуменні. Якраз гэтаму разуменню і будзе прысвечаная сустрэча.

Па тэме лекцыі Ігар Марозаў выдаў некалькі кніг і абараніў доктарскую працу. Абараняць давялося ў Пецярбургу, бо айчынныя адказныя асобы ўпарта не пагаджаюцца, што панятак “герменеўтыка архітэктуры” мае дачыненне да архітэктуры. Яны мяркуюць, што “тлумачэнне” і “разуменне” – гэта ўжо выключна гуманітарныя паняткі. У выніку кандыдат архітэктуры Ігар Марозаў стаў доктарам культуралогіі ў Пецярбургу. Напярэдадні лекцыі мы сустрэліся з прафесарам Ігарам Марозавым.

“За мяжой прызнаюць, што я першапачынальнік тэорыі архітэктурнай герменеўтыкі”

Спадар Ігар, у інтэрнэце напісана, што тэрмін “архітэктурная герменеўтыка” вынайшлі Вы. А ў Вікіпедыі мы можам пачытаць толькі пра герменеўтыку як такую. Дык патлумачце сэнс вынайдзенага Вамі панятку.

Ігар Марозаў: Герменеўтыка сама па сабе бярэ назву ад бога Гермеса, які вытлумачаў волю багоў ды іх жаданні людзям. То бок, перакладаў на чалавечую мову. Адсюль пайшла герменеўтыка як мастацтва тлумачэння тэкстаў. І вось мне ў свой час падумалася: калі мы нешта разумеем у дойлідстве (у свеце, які мы ствараем), то якія жаданні ў гэта ўкладзеныя? А жаданні – жыць гарманічна, жыць спакойна, нармалёва, не баючыся пра будучыню. Гэта ўкладаецца ва ўсё, што чалавек стварае. І нарадзілася думка – а чаму гэта не тэксты? А калі гэта тэксты архітэктурныя, то як мы іх чытаем? У выніку склалася ёмістая і шматбаковая тэорыя, і за мяжою ўжо прызнана, што я першапачынальнік тэорыі герменеўтыкі дойлідства.

А мы тлумачым тое, што закладаў архітэктар ці тое, што бачым самі?

Ігар Марозаў: І тое, і другое. Гэта як з літаратурным творам – мы і аўтара шукаем, і ўкладаем свае перажыванні. І кожны раз, праглядаючы фільм, карціну, чытаючы твор – мы бачым яго інакш. Гэта называецца “герменеўтычны круг” – калі дадаецца досвед, успаміны, узрост, будзёнасць, настрой…

Спадар Ігар, у музеі Далі ў Фігерасе, паводле тэстамента мастака, забароненыя экскурсаводы – каб ягоныя творы ніхто не браўся тлумачыць. А ці дарэчна тлумачыць творы архітэктараў?

Ігар Марозаў: Я намагаюся навучыць разумець, паказаць заканамернасць, паводле якой мы разумеем. Я даю не рыбку, і нават не вуду – я хачу даць здольнасць чытаць, каб яна была глыбейшая. Падштурхнуць да пошуку свайго ўспрымання.
Мне прыгадваецца, зноў жа, Саграда Фамілія ў Барселоне – дзе табе тлумачаць усе біблійныя і прыродныя сюжэты, з якіх складзены вобраз храма. А калі ўзяць шэрыя мінскія панэльныя халабуды – што тут тлумачыць?
Ігар Марозаў: Тое, чаго тут няма. Тое, якімі яны маглі быць. А чаму гэтага няма? А чаму гэтага не можа быць?.. Нават паўза ці пустэча – гэта падмурак для роздуму.

“Тое, што мы маем навокал – гэта не нашае, не ўласцівае нам…”

Архітэктар Вальмен Аладаў прыгадваў, што калі ён праектаваў тыповыя жылыя дамы ў Мінску, то хацеў недзе ўвесці ўзор са Слуцкіх паясоў. Яму сказалі, што гэта лішняе – і забаранілі. Можа, варта цяпер да гэтага вярнуцца?

Ігар Марозаў: Я не вялікі аматар шукаць нацыянальнае ў саламяных капелюшах і паясах. Трэба шукаць, што ва ўзорах ёсць нацыянальнага ў цэлым – а гэта ўвогуле глыбіннае… Скажам, калі рабілася Нацыянальная бібліятэка, я прапаноўваў засяродзіцца на тым, што наш край – азёрны. І пагуляцца з гэтым, тым больш, што шкляная паверхня спрыяе гэтаму. У свеце ёсць выпадкі, калі струмень вады пускалі проста па сцяне будынка… Але абралі ў выніку “алмаз”.

І ўсё-ткі – гэтыя ўбогія страшныя дамы – іх можна неяк палепшыць?

Ігар Марозаў: Стары, нямодны строй – што вы з ім робіце?.. Выкідаеце. Гэта ўсё вырачана. Я б пакінуў колькі такіх пяціпавярховых “хрушчобаў” у якасці музейных экспанатаў савецкай індустрыяльнай эпохі.

Наколькі выгляд будынкаў, у якіх мы жывем, якія нас атачаюць, уплывае на нашу псіхалогію і менталітэт?

Ігар Марозаў: Каласальна ўплывае, гэта ўзаемаўплывовы працэс! Адзінае што, уплыў гэты немагчыма ніяк ацаніць. І калі вы пабываеце за мяжой – то прыязджаеце сюды і глядзіце іншымі вачыма.

Можа, таму там людзі часцей усміхаюцца?

Ігар Марозаў: Напэўна. Ведаеце, я ўжо двойчы быў у Індыі. Іх шараговая архітэктура – у нашым разуменні як шалаш! Але гэта натуральна для іх, яны шчаслівыя, бо гэта іх уласнае, звычнае! Гэта так, як яны змаглі! Але мы вартыя большага, чым маем, бо мы змаглі б больш! І гэтая навакольная шэрасць і пасярэднасць – была важная ў свой час: паказаць, хто кім ёсць, кім ёсць наш народ. Памятаеце, была забарона лецішчаў – па вышыні, па выглядзе, па дэкору? Каб чалавек не вылучаўся! Хоць тыя, хто трымаў уладу – забяспечвалі сябе па поўнай праграме. І гэты паказ сацыяльнай розніцы быў ва ўсім. Нават калі б ты меў грошы, табе б не прадалі “Волгу” – бо “не паложана”. Нават калі б ты набыў андатравую шапку – ты б не наважыўся ў ёй хадзіць, бо гэта быў бы выклік: увесь савецкі ўрад на дэманстрацыях стаяў у такіх шапках! А сёння чалавек вырываецца, шукае… Памятаю, адзін “новы беларус” замовіў мне спраектаваць яму катэдж, галоўнай умовай было “каб ні ў каго такога не было”. Я зрабіў. Праз тыдзень ён мне кажа: “Ігар, усё супер – я аб’ездзіў усё ў радыюсе 60 км, нідзе такога няма!..” 

“Майстар мусіць з павагай ставіцца да асяроддзя, у якім стварае”

Што ў Мінску цікава тлумачыць?

Ігар Марозаў: Цікава тлумачыць абсалютна ўсё! Скажам, наш праспект, які нават была ідэя ўключыць у Спіс ЮНЕСКА. Яго будавалі пасля вайны, як праспект-пераможцу – ад вакзала да Плошчы Перамогі. А ордэн Перамогі наверсе манумента я лічу ўказальнікам на Маскву, бо там выяўлены Крэмль!

Але што ж тут нашага?! Гэта паказаве на правінцыйнасць, каланіяльнасць! Чаму галоўны праспект самастойнай дзяржавы мусіць быў быць “указальнікам на Маскву”?!

Ігар Марозаў: Элемент ёсць. Так было тады – трэба было ўсім указваць на сталіцу “дзяржавы-пераможца”… І ў гэтым таксама герменеўтыка дойлідства!

У вашым артыкуле пра Іосіфа Лангбарда прыгадваецца ягонае цікавае выслоўе, што “добрая архітэктура – гэта добрая палітыка, а дрэнная архітэктура – дрэнная палітыка”. Гледзячы на сённяшнія будоўлі Мінска, Вам гэтыя словы часта прыгадваюцца?

Ігар Марозаў: Да гэтай думкі я прыйшоў яшчэ не прачытаўшы выслоўе Лангбарда… Скажам, на “падзелку” насупраць гандлёвага Дома на Нямізе я стараюся ўвогуле не глядзець. Гэта вартая жалю спроба фліртавання з гісторыяй, няўклюдная. Гэта як параўнаць дзяўчыну і манекен…

З таго, што захавалася ў нас, што Вы лічыце “беларускай архітэктурай”?

Ігар Марозаў: Усё, што стаіць з даўніх часоў на нашай зямлі – гэта беларуская архітэктура. Хоць гэта частая спрэчка: паводле якой прыкметы лічыць яе беларускай? Тое, што на беларускай зямлі? Ці тое, што рабілі беларусы? Усё гэта спрэчна… Узяць таго ж Іосіфа Лангбарда. Ягоны “квартэт” – Опера, Дом урада, Акадэмія навук і Дом афіцэраў – гэта найцікавейшая рэч! Прыгадайце, з нацыянальнасці Лангбард быў самі ведаеце кім, з адукацыі і месца працы – расейцам… Але тое, што ён збудаваў тут – гэта надзіва беларуская архітэктура!.. Ён адчуў гэта! Шкада, што цяпер Оперу Лангбарда сапсавалі гэтымі недарэчнымі батлеечнымі скульптурамі… Радуе, як напісаў мой калега, што яны туды не ўпісваюцца, і зняць іх можна ў любы момант.

Калі развіваць тэму “заезжых” архітэктараў, атрымліваецца цікавая рэч. Бернардоні, Пэнс, Сака, Спампані, Нонхарт – усе яны былі “заезжымі”, аднак усе іх творы мы ўспрымаем як беларускую архітэктуру!

Ігар Марозаў: Бадай, таму, што яны адчувалі і паважалі, што было тут да іх, што будзе тут дарэчна. Майстар мусіць з павагай ставіцца да асяроддзя, у якім стварае. Сёння такога няма – калі глядзіш, якія недарэчнасці з’яўляюцца там, дзе ім ніяк не месца.

То бок, архітэктурная герменеўтыка вельмі важная яшчэ да таго, як будзе ўзведзены новы дом, помнік, комплекс?

Ігар Марозаў: Абавязкова! І гэтаму важна вучыць тых, хто будзе ствараць і будаваць! Калі тут будзе стварацца сваё – мы будзем гэта любіць. Чалавеку трэба даць зарад, каб ён адрозніваў дрэннае ад добрага, імкнуўся да лепшага. Гэты зарад я і паспрабую даць на лекцыі.

ТАКІМ ЧЫНАМ
Лекцыя Ігара Марозава з цыклу “Urbi et Orbi”
“Герменэўтыка дойлідства”
адбудзецца 10 лютага (пятніца) а 18.30
у “Арт Сядзібе” – Мінск, вул. Куйбышава, 22
(ГД “Гарызонт”, 2-гі паверх)
Уваход вольны!

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, TUT.BY

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича