Следите за нами в социальных сетях:

ИНФОРМАЦИЯ | Легенды

Зямля беларуская шчодра ўсыпана легендамі і паданнямі. Некаторыя з іх знаходзяцца на паверхні, іх ведаюць усе. Іншыя ж, крыху прысыпаныя часам, ляжаць у памяці людской і чакаюць: а ці знойдзецца хто, каб дастаць іх на свет боскі.

Хто ведае, ці захавалася б да нашага часу легенда пра будаўніцтва Крэўскага замка, каб не запісалі яе ў XIX стагоддзі Уладзіслаў Сыракомля і Чэслаў Янкоўскі. Бо ўжо ніхто з мясцовых старажылаў не мрг яе прыпомніць. I толькі з кніг згаданых краязнаўцаў вядома, што такая легенда была. Яна расказвала, што Крэўскі і Медніцкі замкі будаваліся адначасова. I ўзводзілі іх не звычайныя муляры, а магутныя волаты. Працуючы адначасова ў Крэве і Медніках, яны пазычалі адзін адцаму малаток, перакідваючы яго ў паветры праз чатыры мілі.

Яшчэ адной з крэўскіх легендаў даў другое жыццё Юзаф Грышкевіч, наш зямляк, які пасля II сусветнай вайны апынуўся у Польшчы. У сваім вершы "Пра Крэўскі замак" ён пераказвае легенду, пачутую ад бацькоў яшчэ ў дзяцінстве.

Быццам бы ў далёкія часы жыла ў Крэве дзяўчына, дачка мясцовага млынара. Была яна прыгожая, набожная і прыстойная. I вось аднаго разу ў яе закахаўся жудасны дух, што гаспадарыў у лёхах Крэўскага замка. 3 таго часу не даваў ён дзяўчыне спакою, штоапоўначы клікаў яе ў сваё змрочнае падзямелле на спатканне. У роспачы млынарова дачка заказала ў касцёле імшу за вечны супакой духа. I вось прыйшла ў замак працэсія з ксяндзом, каб адслужыць там малебен. Дзень быў лагодны, але ў час імшы раптоўна пачалася бура. Нечакана з падзямелля выпаўзла хмара, ахутала млынарову дачку сваімі клубамі і пацягнула туды, адкуль з'явілася. У гэты момант заблішчалі маланкі, ударыў гром, і падзямелле засыпала зямлёй. 3 таго часу ніхто больш не чуў пра злога духа і ніхто не трывожыў мясцовых дзяўчат.

Польскі пісьменнік Ігнат Ходзька ў сваім апавяданні "Дух-абаронца" выкарыстоўвае сюжэт яшчэ адной крэўскай легенды. На гэты раз яе дзеючымі асобамі з'яўляюцца душы забойцаў Кейстута. Праклятыя Богам, яны павінны з'яўляцца штоночы ў Крэўскім замку, каб паўтарыць учыненае забойства. Вядома ж, яны не знаходзяць Кейстута і вымушаны прыходзіць сюды кожную наступную ноч.

Легенда пра паходжанне назвы мястэчка аказалася больш жыццеўстойлівай, чым тры папярэднія: яна бытуе ў народзе да нашага часу. I няхай спрачаюцца вучоныя-гісторыкі, адкуль гэтая назва пайшла, ці ад наймення племені крывічоў, ці ад імя літоўскага паганскага жраца Крэва-Крэвейты, усё роўна мясцовыя жыхары будуць стаяць на сваім: у аснове яе - слова "кроў". Быццам бы ў старажытныя часы на нашых землях адбылося жорсткае пабоішча. Пасля яго вада у мясцовай рэчцы была чырвоная ад крыві. I таму назвалі гэту рэчку Крыўлянкай, а паселішча, якое тут узнікла, - Крэвам.

Сярод маляўнічых крэўскіх пагоркаў сваёй веліччу і прыгажосцю вылучаецца Юрава гара. Знаходзіцца яна адразу ля замка і па колькасці складзеных пра яе легендаў можа паспаборнічаць са сваім таямнічым суседам. Даследчыкі лічаць, што гара названая так у гонар хрысціянскага святога Юрыя. I сапраўды, старажылы ўспамінаюць, што калісьці на веснавое свята Юр'я сюды збіралася местачковая моладзь на гулянні. Але, разам з тым, народная фантазія дала жыццё іншым тлумачэнням назвы пагорка. Адны вам распавядуць пра хлопца Юрку, якому загадалі за нейкую правіннасць нацягаць шапкай гару, вышэйшую за замак. I як усе здзівіліся, калі гэта работа была выканана за адну ноч.

Ад іншых людзей можна пачуць пра другога Юрыя. Таму, быццам бы, прыснілася, што на гары ля замка закопана золата. Прачнуўшыся, Юрый кінуўся на пошукі скарба. Залез на гару і пачаў там ліхаманкава капаць. Капаў-капаў, пакуль не заглынуў яго пясчаны вір, што ўтварыўся на дне ямы.

Відаць, хвалюючая веліч гэтага прыгожага пагорка ўразіла і пісьменніка Юрыя Татарынава. Адна з яго аповесцей так і называецца - "Юрава гара". I хоць мае яна падзагаловак "Крэўская легенда", але відавочна, што апісанае ў аповесці - плён фантазіі аўтара, які абапіраецца не на народны погалас, а больш на навуковыя звесткі і на асабістыя высновы.

Сярод легендаў, запісаных у Крэве, нямала аказалася і такіх, якія расказваюць у многіх іншых кутках Беларусі. Вядома ж, дзе ёсць замак, там абавязкова павінны быць свае прывіды, свой фантастычны падземны ход, які можа весці да самай Вільні. Таксама шмат дзе расказваюць пра царкву, што правалілася пад зямлю. Толькі ў кожнай мясцовасці гэтыя легенды маюць свае асаблівасці, свае адметныя дэталі. Калі, напрыклад, у Крэве расказваюць пра царкву, што пайшла пад зямлю, то абавязкова распавядуць пра тое, як гэта адбылося.

Кажуць, такая царква стаяла калісьці на вяршыні Крэўскага гарадзішча. У тыя часы жылі тут хлопец і дзяўчына, якія моцна кахалі адно аднаго. Усё было б добра, але бацькі дзяўчыны былі супраць іх шлюбу. Здаецца, закаханым трэба растацца. Але пачуццё іх было такім моцным, што яны нс ўяўлялі свайго далейшага жыцця паасобку. I тады вырашылі яны павянчацца патаемна, без бацькоўскага благаславення. Так і зрабілі. I ў той час, калі ў царкве на гарадзішчы ішло вянчанне, маці маладой даведалася пра змову. "Ах, каб вы праваліліся!" - вырваўся з вуснаў разгневанай маці праклён. I ў гэты ж момант і царква, і ўсе, хто там знаходзіўся, праваліліся пад зямлю. Кажуць яшчэ, што пасля гэтага здарэння ля гарадзішча пачала біць крынічка. Гавораць, гэта - слёзы. Ці то маладыя плачуць, што пайшлі супраць волі бацькоў і загінулі, ці то маці раскайваецца, што ўпартасцю і гневам сваім загубіла родную дачку.

А жыццё, тым часам, ішло далей. Людзі ў мястэчку нараджадіся і паміралі. Кажуць, лёс жыхароў Крэва знаходзіцца ў руках таямнічай жанчыны, якая з'яўляецца тут па начах і блукае па замку. Апранутая у белае адзенне, ходзіць яна і час ад часу скідвае з замкавых муроў па камені. Скіне — у Крэве хто-небудзь памірае.

Расказваюць яшчэ, як адзін чалавек захацеў пакончыць з жыццём, скочыўшы з высокай замкавай вежы. Але ў апошні момант паўстала перад ім постаць той жанчыны ў белым. Спалохаўшыся яе, чалавек вярнуўся дахаты і распавёў пра ўсё сваёй жонцы. А назаўтра ён усё роўна памёр. Відаць, гаспадыня чалавечых лёсаў перадумала, і ў падножжы замкавых муроў з'явіўся яшчэ адзін камень.

Аказваецца, не толькі чалавечыя лёсы вырашаюцца ў Крэўскім замку. Людская фантазія звязала з ім лёс цэлай дзяржавы. Невядома, ці гэта толькі выпадковае супадзенне, ці насамрэч існуюць звышрэальныя сілы, але прадказанне пра залежнасць лёсу Польшчы ад Крэўскага замка нейкім чынам збылося.

У 1912 годзе ў польскамоўным часопісе "Земля" быў надрукаваны краязнаўчы артыкул Уладзіслава Загорскага "Крэўскі замак". У самым канцы яго аўтар узгадвае запісаную ў ваколіцах Крэва легенду. Быццам бы за ўчыненыя ў замку злачынствы Бог асудзіў гэтае збудаванне на пагібель і звязаў з ім лёс Польшчы. Кожны год з замкавых муроў павінна адрывацца па камені і па некалькі цэглаў. I калі замак будзе поўнасцю ў руінах — толькі тады ўваскрэсне Польшча.

Артыкул той быў надрукаваны тады, калі Польшчы, як самастойнай дзяржавы, сапраўды не існавала на карце Еўропы. Яна адрадзілася толькі пасля I сусветнай вайны. I толькі тады, калі вайна тая паскорыла разбурэнне Крэўскага замка, і калі ён апынуўся ў вартых жалюруінах...

Вось так пераплятаецца ў легендах і жыцці лёс замка з лёсам людзей і нават дзяржаў.

Самі ж легенды таксама маюць лёсы. Толькі гаспадарамі іх з'яўляемся мы з вамі. Ад нас залежыць, ці знікне гэтае неацэннае багацце пад пылам часу, ці будзе жыць, цешучы нашчадкаў і не даючы ім патануць у будзённай мітусні.

Аляксандр КАМІНСКІ
З кнігі "Над хвалямі Крэўскага мора"

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича