Следите за нами в социальных сетях:

КРЕВСКИЙ ЗАМОК | Кревская уния

Панядзелак 14 жніўня 1385 года. Якраз напярэдадні Успення Прасвятой Дзевы Марыі. Ні да таго, ні пасля Крэва не бачыла падобных урачыстасцей, столькі вяльмож, апранутых у шыкоўнае адзенне з дарагім упрыгожваннем. Па-святочнаму выглядаў замак, у княжацкай вежы якога знаходзілася рэзідэнцыя вялікага князя Ягайлы.

У гэты дзень тут была заключана унія — саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам. Вестка імгненна абляцела ўсе двары еўрапейскіх дзяржаў.

Што ж прымусіла абедзьве дзяржавы пайсці на заключэнне уніі? Спачатку спынімся на становішчы ў Польскім каралеўстве, сталіцай якога быў горад Кракаў.

Польскі кароль Казімір Вялікі не меў дзяцей. Пасля доўгіх ваганняў ён вырашыў перадаць карону пляменніку Людовіку, унук якога Казімір павінен быў атрымаць карону пасля Людовіка.

Стаўшы каралём, Людовік праігнараваў завяшчанне дзядзькі. Ён дамогся права перадаць карону пасля сваёй смерці адной са сваіх дачок. Спачатку стаўка рабілася на старэйшую дачку Катажыну, але тая памерла. Тады разлік быў зроблены на другую дачку — Марылю, якая яшчэ ў дзяцінстве была прасватана за Сігізмунда Люксембургскага, сына імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла IV. Але і гэта задумка Людовіка не збылася, бо Марыля пасля смерці бацькі ў 1382 г. стала каралевай Угоршчыны (так называлася сённяшняя Венгрыя), а большасць польскіх палітыкаў не хацелі ні саюза з гэтай краінай, ні Сігізмунда Люксембургскага.

Такія адносіны да Сігізмунда Люксембургскага былі невыпадковыя. Выхаваны ў нямецкім духу, ён, стаўшы польскім каралём, праводзіў бы пранямецкую палітыку. I без яго Польшча ў гэты час стаяла на краі бездані, церпячы экспансію з боку немцаў. Да сярэдзіны 14 ст. Польшча страціла Сілезію, Гданьскае Памор'е, што адрэзала палякаў ад Балтыйскага мора. Яшчэ раней у рукі чужынцаў трапілі Дабжынская і Хелмінская землі. Больш таго, палякам пагражала страта нацыянальнай культуры і мовы. Нямецкія каланісты, знямечаныя палякі пранікалі ў гарадское самакіраванне, гандаль і рамяство. Усё гэта магло прывесці да поўнага анямечвання палякаў, страты не толькі сваёй дзяржаўнасці, але і этнічнага аблічча.

Трэцяя дачка Людовіка Ядвіга (н. ў 1374 г.) гадавалася пры аўстрыйскім двары. Па волі бацькі ў чатырохгадовым узросце была абвянчана з аўстрыйскім герцагам Вільгельмам з умовай, што шлюб набудзе юрыдычную моц пасля першай шлюбнай ночы, якая павінна была адбыцца пры дасягненні нявестай дванаццацігадовага ўзросту. Зразумела, і Вільгельм не задавальняў значную частку палякаў па той самай прычыне, што і Сігізмунд Люксембургскі.

Тым часам, у польскіх палітычных колах адзінага кандыдата на трон не было: адныя гарой стаялі за Ядвігу, другія — за нашчадка старажытнай каралеўскай дынастыі Пястаў мазавецкага князя Земавіта, трэція падтрымлівалі Сігізмунда Люксембургскага. Пачалася міжусобная вайна. Невядома, чым 6ы ўсё гэта скончылася, але неўзабаве ў Кракаў прыехала Ядвіга і 15 верасня 1384 г. была каранавана.

Але хіба магла Ядвіга ў дзесяць гадоў кіраваць дзяржавай? Выхад быў адзін: трэба было знайсці ёй мужа, чалавека дарослага, разумнага, здольнага займацца дзяржаўнымі справамі. Акрамя аўстрыйскага герцага Вільгельма называлі таксама кандыдатуру мазавецкага князя Земавіта і яшчэ аднаго нашчадка Пястаў — Уладзіміра Апольскага, ён пагаджаўся скасаваць шлюб дзеля кароны. I, нарэшце, чацвёртым кандыдатам быў Ягайла — уладар магутнай ва Усходняй Еўропе дзяржавы, тэрыторыя якой перавышала ў 2 разы Польскае каралеўства. Іменна ў ім большасць польскіх палітыкаў убачыла апошні шанц выратавацца ад нямецкага націску. Акрамя таго, шлюб Ядвігі з Ягайлам здымаў пагрозу для палякаў з боку княства. Яны памяталі свае паражэнні ад Альгерда ў 1376 г. і Ягайлы ў 1383-84 гг.

Над прапановай польскага боку Ягайла задумаўся. Год таму яго маці Ульяна Цвярская хацела яго жаніць з дачкой Дзмітрыя Данскога Соф'яй. Усё было б добра, але Дзмітрый патрабаваў ад яго за дачку васальнай залежнасці. «Хіцер Дзміцер, але і Саўка не дурны,» — успоўніў прыказку Ягайла.

Ягайла прыняў рашэнне дамагацца рукі Ядвігі і навёў сваё войска на аднаго са сваіх сапернікаў у барацьбе за каралеўскую карону — Земавіта, князя Мазовіі. Пераправіўшыся цераз Віслу, ён акружыў Завіхвост. «I сказаў князь Ягайла: «Не варта нам гэты горад гарматамі здабываць», і загадаў усяму свайму войску, каб кожны па кію ўзяў і кінуў у горад. Кожны ваяр з войска літоўскага, узяўшы па кію запаленым, кінуў у горад, і повін горад кіеў паляцела, і запылаў увесь горад Завіхвост. Спаліўшы Завіхвост, пайшоў Ягайла пад Апатаў і спаліў яго, ды шмат іншых местаў і сёлаў паліў аж да самай Вісліцы, і паняў ды паненак у палон павёў» («Хроніка Быхаўца»).

Прадэманстраваўшы палякам сваю ваенную моц, Ягайла паслаў сватоў у Кракаў. Там і была дасягнута згода. А 14.8.1385 г. Ягайла ў прысутнасці дэлегацыі, а таксама сваіх братоў Скіргайлы, Карыбута, Лугвена і Вітаўта, з якім замірыўся, падпісалі ў Крэве унію.

Ад каралеўскай кароны не збіраўся адмаўляцца Вільгельм. Стараючыся апярэдзіць Ягайлу, ён тайком трапіў у Кракаў і сустрэўся з Ядвігай. Пра гэта дазналіся прыхільнікі Ягайлы, і Вільгельму давялося ўцякаць.

12.2.1386 г. Ягайла прыехаў у Кракаў. 15 лютага ён перайшоў з праваслаўя ў каталіцызм і ўзяў імя Уладзіслаў, 18 лютага ажаніўся з Ядвігай, 4 сакавіка адбылася каранацыя.

У «Акце Крэўскай уніі» (у польскай гістарыяграфіі «Акт Ягайлы і братоў яго аб саюзе Літвы з Польшчай») Ягайла нібыта за гонар ажаніцца з Ядвігай і надзець польскую карону абяцае аддаць на патрэбу палякаў дзяржаўны скарб Вялікага Княства, заплаціць 200 тыс. фларынаў Вільгельму за адмову ад шлюбу з Ядвігай (тады за такія грошы можна было купіць цэлую дзяржаву), а таксама Вялікае княства Літоўскае далучыць да Польшчы.

акт кревской унии
Акт Крэўскай уніі

 

На ваўкавыскім з'ездзе ў студзені 1386 г. Польшча і Вялікае княства Літоўскае дамовіліся пра наступнае. Княства захоўвала сваю незалежнасць, фінансавую сістэму, грошы, войска, сімволіку, самастойна праводзіла знешнюю палітыку, акрамя пытанняў, што закраналі сумесныя з Польшчай інтарэсы. Да агульнай кампетэнцыі была аднесена і супольная абарона абедзвух краін.

Вынікі уніі. Па-першае, абедзве дзяржавы спынілі барацьбу паміж сабой і аб'ядналіся дзеля сумеснага супрацьстаяння нямецкай агрэсіі. Па-другое, унія была заключана на парытэтных пачатках. Абедзве дзяржавы мелі роўныя правы. Па-трэцяе, унія спрыяла ўсталяванню трывалых гандлёвых сувязей у рэгіёне. I, нарэшце, па-чацвёртае, пасля уніі ў Вялікім княстве Літоўскім больш інтэнсіўна пачало шырыцца каталіцтва, якое пранікла сюды яшчэ пры Гсдзіміне. Тысячы і тысячы паганцаў былі хрышчаны па рымска-каталіцкім абрадзе. У лютым 1387 г. Ягайла падпісаў грамату аб заснаванні сямі парафіяльных касцёлаў у Віленскай дыяцэзіі, у т.л. і Крэўскага касцёла, і надзяленні іх зямлёй.

Варта коратка сказаць пра далейшы лёс Ядвігі і Ягайлы. «Каралева Янка», як яе любоўна звалі ў Польшчы, была выдатна адукаванай (размаўляла на пяці мовах), выхаванай, карысталася павагай, займалася дабрачыннай дзейнасцю. Аднаму беднаму муляру падаравала грошы, каб ён мог накарміць сваіх дзяцей, пры гэтым паставіла нагу на каменны блок. Застаўся след, а муляр паглыбіў яго і ўмураваў у сцяну. Да сённяшніх дзён бачны ў Кракаве «след каралевы Ядвігі». Памерла ў 1399 г., пражыўшы 25 гадоў.

Ягайла са стрыечным братам Вітаўтам (апошні стаў вялікім князем літоўскім) у 1410 г. пад Грунвальдам нанеслі сакрушальны разгром крыжакам. Тым самым была канчаткова спынена іх агрэсія супраць Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. У гістарычнай аповесці Кастуся Тарасава  «Пагоня на Грунвальд» сярод харугваў, якія прымалі ўдзел у той бітве, называецца і Крэўская.

Ягайла яшчэ двойчы жаніўся, але не меў дзяцей. Чацвёртая жонка Соф'я Гальшанская нарадзіла яму двух сыноў - Уладзіслава (быў каралём угорскім і польскім) і Казіміра (быў каралём польскім і вялікім князем літоўскім). Памёр Ягайла ў 1434 г. Ходзіць легенда, што ўвесь каралеўскі двор у тагачасным Кракаве размаўляў на нашай мове, а сярод прыдворных былі людзі з Крэва.

Віктар ШОЦЬ

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича