Следите за нами в социальных сетях:

19 жніўня - Яблычны Спас

Сёння адно з вялікіх праваслаўных святаў – Праабражэнне Гасподняе, якое ў народзе называюць Яблычным Спасам. Якія традыцыі святкавання захаваліся ў нас да сённяшніх дзён?

У час Успенскага посту (14–28 жніўня) Праваслаўная царква адзначае тры святы, прысвечаныя Усяміласціваму Спасу -- Ісусу Хрысту і Прасвятой Багародзіцы. У народнай культуры кожны з гэтых дзён атрымаў пераасэнсаванне і сваю назву: 14 жніўня – “Макавы” ці “Мядовы Спас”, 19 жніўня – “Яблычны Спас”, 29 жніўня – “Хлебны Спас”, “Арэхавы Спас”, “Спас на палатне”.

19 жніўня — Яблычны Спас. У абрадавай практыцы славян шанаванне яблыкаў знайшло адлюстраванне ў адным з найважнейшых святаў, якім завяршаецца цыкл летніх сельскагаспадарчых работ. У гэты дзень у храмах асвячаюць плады новага ўраджаю — яблыкі, грушы, слівы. Народная легенда гаворыць, што ў дзень Яблычнага Спасу Бог адорвае душы ўсіх памерлых дзяцей райскімі яблыкамі.

Змест падання цалкам адпавядае сэнсаваму напаўненню прынцыпу народнай традыцыі — “перш чым сабе — продкам”, усім, што б ты ні сабраў з новага ўраджаю, падзяліся з продкамі, аддзяч іх за дапамогу і падтрымку. Распаўсюджванне закона абавязковага шанавання продкаў стала падставай для ўзнікнення рэгламентацыі для жанчын, у якіх памерлі дзеці. Ім забаранялася есці яблыкі новага ўраджаю да Яблычнага Спасу, каб спачатку “на тым свеце” Бог надарыў райскімі яблычкамі іх дзяцей. Таму жанчыны, якія страцілі дзяцей, раніцай 19 жніўня павінны сарваць некалькі яблыкаў, аднесці іх у храм, асвяціць і занесці на магілкі памерлых дзяцей. У тым выпадку, калі магіла дзіцяці далёка або зусім невядома дзе, варта асвячоны яблык пакласці на любую дзіцячую магілку або паступіць яшчэ прасцей — пакінуць іх у храме.

Асвечаныя яблыкі неслі на могілкі і разносілі іх на магілы ўсіх памерлых сваякоў.

У дзень Яблычнага Спасу на стале асаблівай пашанай карысталіся яблыкі. Іх запякалі ў печы, дабаўлялі ў пірагі, дадавалі да бліноў. Праўда, цеста ў добрай гаспадыні было посным.

Гаючыя ўласцівасці яблыкаў былі вядомыя нашым продкам здаўна. Яблыкі елі свежымі, сушылі надаўжэй, узімку варылі адвары з сухафруктаў, рабілі воцат, сок. Народныя лекары раілі піць яблычны воцат ад высокага ціску.

Самае галоўнае правіла здароўя было такім: “З’ядай па яблыку ў дзень — і табе не спатрэбяцца ніякія лекары” Або так: “Яблык на абед — і ўсіх хвароб няма”.

Пакаштуйце і ацаніце! І посна, і смачна, і яблычна

Яблычнае жэле
- 400 г яблыкаў,
- 1 шклянка цукру,
- 1,5 шклянкі вады, 2 ч. лыжкі жэлаціну.
Яблыкі нарэзаць скрылікамі, папярэдне выдаліўшы з іх сярэдзіну, заліць вадой і паставіць на агонь. Калі вада закіпіць, дадаць цукар і варыць, пакуль яблыкі не стануць мяккімі. Пасля працерці іх праз друшляк. У працёртае яблычнае пюрэ дадаць загадзя падрыхтаваны жэлацін (яго, спаласнуўшы, заліць гатаванай вадой на 30—40 хвілін, а пасля, калі жэлацін набухне, ваду зліць). Паставіць яблыкі з жэлацінам на агонь, і зноў варыць, бесперапынна памешваючы, пакуль жэлацін цалкам не растворыцца. Разліць жэле ў формы і даць застыць.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, Народная газета

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича