Следите за нами в социальных сетях:

 

Каля Крэва знайшлі астанкі салдат расійскай імператарскай арміі

Падчас спецыяльных раскопак непадалёку ад вёскі Ракаўцы знайшлі астанкі чатырох салдат расійскай імператарскай арміі, якія загінулі тут у Першую сусветную вайну. На астанкі яшчэ аднаго рускага воіна наткнуўся жыхар Смаргоні, які капаў траншэю пад газаправод. Імёны і прозвішчы загінуўшых устанавіць не ўдалося, бо не было ніякіх медальёнаў, толькі рэшткі стралковай зброі і боепрыпасы.

Чалавечыя астанкі перадалі следчым. Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці правяло экспертызу і ўстанавіла, што яны праляжалі ў зямлі больш за 50 гадоў, таму не было падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы. Астанкі вярнулі райваенкамату для іх перазахавання.
Выбіраць месца доўга не прыйшлося. У Крэве ёсць брацкая магіла, у якой у 90-я гады перапахавалі знойдзеныя астанкі воінаў царскай арміі. Непадалёку ўстаноўлены праваслаўны крыж, да ствала дрэва прымацаваны спецыяльны знак з надпісам.
У Першую сусветную вайну фронт пралягаў ад Чорнага да Балтыйскага мора. Крэўскі напрамак лічыўся стратэгічна важным, бо тут праходзіць прамая і кароткая дарога з Вільні ў Мінск і Маскву.
Пазіцыйныя баявыя дзеянні на Смаргоншчыне доўжыліся больш за два гады. Было многа ахвяраў сярод вайскоўцаў і мірных жыхароў, шматлікія разбурэнні. Крэўскі замак таксама пацярпеў ад гаўбічнай артылерыі.
Ад Смаргоні да Ашмянаў налічваліся чатыры рубяжы ўмацаваных раёнаў. Немцы літаральна закапаліся ў зямлю, пабудавалі многа бетонных дотаў. У рускіх былі толькі бліндажы, дашчаныя зямлянкі. І калі ў 1917 годзе рускія арганізавалі масіраванае наступленне, то не змаглі прарваць абарону немцаў.
Нельга сказаць, што немцы ваявалі ў камфортных умовах. У іх нават не было лазняў, каб памыцца. Таму нямецкія вайсковыя падраздзяленні пэўны час стаялі на перадавой, абстрэльвалі пазіцыі рускіх, а потым адыходзілі ў тыл. Іх месцы займалі іншыя войскі. Рускім у плане гігіены было прасцей. Яны арганізоўвалі лазні ў зямлянках.
— Работа па ўвекавечанні памяці рускіх воінаў вялася, вядзецца і будзе весціся, — адзначыў ваенны камісар райваенкамата Леанард Гружэўскі. — Мы накіравалі тры інфармацыйныя лісты ў адпаведнае ўпраўленне, якое створана пры Міністэрстве абароны. Ёсць сведчанні, што каля Алянца ў Першую сусветную вайну быў ваенны шпіталь. У яго дастаўлялі з перадавой раненых, хворых вайскоўцаў. Некаторым з іх урачы былі бяссільныя дапамагчы.
Спачатку ў Крэве, дзе знаходзіцца брацкая магіла, прайшоў жалобны мітынг. Ён быў прысвечаны перапахаванню астанкаў абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны.
— Крыўдна толькі, што мы не ведаем імён і прозвішчаў загінуўшых, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. — А так можна было б паспрабаваць адшукаць іх сваякоў. Увогуле, наш святы абавязак — надалей праводзіць пошукавыя работы, увекавечваць памяць воінаў, якія загінулі за Айчыну.
Настаяцель Крэўскай праваслаўнай царквы айцец Валянцін адслужыў паніхіду па воінах, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Потым да магілы, у якую апусцілі чалавечыя астанкі, усклалі вянкі.
У гэтым жалобным мерапрыемстве акрамя прадстаўнікоў улады прынялі ўдзел афіцэры запасу, настаўнікі і вучні Крэўскай школы, іншыя мясцовыя жыхары.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ, shliah.by

« На предыдущую страницу
Разработка сайта: Студия Александра Лавриновича